English | Español | ျမန္မာစာ | Беларуская
Тактыка 5: СПЛАНУЙ СВАЮ АКЦЫЮ
Дата: суб, 04/23/2011 - 14:01
Выклікай усмешку
Проста дадай гумар
спампаваць гэтую картку (pdf 672kb)
СПЛАНУЙ СВАЮ АКЦЫЮ
- У кожнай акцыі, таксама і гумарыстычнай, важна, каб абраныя тактыкі адпавядалі зацікаўленням і ўменням людзей, якіх вы хочаце мабілізаваць. Егіпецкая плакатная акцыя выкарыстала знаёмства маладых людзей з праграмамі для апрацоўкі фотаздымкаў, уменне рабіць калажы, жаданне распаўсюджваць праз Інтэрнет смешныя выявы.
- Праект ЛуНет не меў цэнтралізаванага кіравання. Гэта павялічыла колькасць людзей, якія ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы і распаўсюджванні парадыйных выяваў і веб-сайтаў. Дэцэнтралізацыя зменшыла рызыку адказнасці за акцыю, якую б мог панесці адзін арганізатар.
- Інфармацыя, пададзеная ў нефармальнай атмасферы – у караоке-бары ці пабе – можа вельмі эфектыўна змяншаць страх і дазволіць людзям адчуць сябе заангажаванымі ў праблему. Таксама выніковым можа быць згуртаванне людзей у віртуальных сацыяльных сетках.
- Добрае баўленне часу і грамадскае прызнанне можа служыць матывацыяй да дзеянняў. Рэагуючы на з’яўленне калажаў з выявай прэзідэнта Мубарака ці запуск Інтэрнет-сайтаў прэзідэнта Лукашэнкі, людзі пакідалі каментары аўтарам матэрыялаў на профілях у сацыяльных сетках, блогах і сайтах для публікацыі відэа- і фота-матэрыялаў. Каментары звычайна змяшчалі станоўчыя водгукі. Гэта нефармальная ўзнагарода за ўдзел у акцыі можа дапамагчы людзям застацца заангажаванымі ў акцыях, прысвечаных нават вельмі сур’ёзным і небяспечным праблемам.
ЗРАБІ ГЭТА САМЗапытай сябе
- Ці будзеце вы прасіць людзей рабіць нешта ў межах акцыі: фотаздымкі, відэа, мультфільмы? Як вы будзеце распаўсюджваць матэрыялы ў Інтэрнеце і якія сродкі выкарыстаеце дзеля захавання ананімнасці ўдзельнікаў?
- Адсочваць з’яўленне фотаздымкаў і відэафільмаў, якія робяць людзі ў час жартоўнай акцыі, можа быць складана. Як вы будзеце захоўваць матэрыялы, падрыхтаваныя ўдзельнікамі?
- Як вы будзеце вытрымліваць баланс паміж павагай да людзей, якія заангажаваныя ў праблематыку, і яе сатырычным зместам? Колькі гумару вы можаце сабе дазволіць, каб людзі не перасталі вам давяраць?
- Ці пагражаюць сур’ёзныя наступствы тым, хто крытыкуе ўрад і іншых чыноўнікаў, у рэгіёне, у якім вы працуеце?
- Ці вы будзеце звяртацца непасрэдна да СМІ для папулярызацыі вашых дзеянняў і вашай акцыі?
- Ці існуе ўзаемасувязь між вашай спантаннай, жартоўнай акцыяй і праваабарончымі арганізацыямі, якія займаюцца больш “традыцыйнымі” акцыямі? Можа, ёсць сэнс аб’яднаць высілкі?
- Як вы адольваеце пераход ад публікацыі матэрыялаў у Інтэрнеце да дзеянняў у рэальным свеце?
Розныя спосабы рэалізацыі ідэі
- Калі вы не можаце выкарыстоўваць Twitter ці іншую падобную службу для рассылкі паведамленняў вялікай колькасці ўдзельнікаў па тэхнічных прычынах ці для захавання канфедэнцыйнасці, адпраўце SMS-паведамленні непасрэдна на нумары тэлефонаў вашых прыхільнікаў. Працаўнікі секс індустрыі звярнуліся да гэтага спосабу пры арганізацыі флэшмобу чырвоных парасоляў – сімвала іх акцыі, якія ўдзельнікі кампаніі раскрылі перад будынкам грамадскай адміністрацыі праз некалькі гадзін пасля паведамлення аб яе пачатку.
- Вы можаце данесці сваё пасланне пры дапамозе рынгтону мабільных тэлефонаў. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2004 г. на Філіпінах актывісты падрыхтавалі рынгтон на падставе запісанай тэлефоннай размовы прэзідэнта, з якой вынікала, што ён прызнаваў фальсіфікацыю выбараў. Галасавы тэкст быў зведзены з музыкай, што прывяло да стварэння сапраўднага рынгтону. Мелодыя стала адным з найбольш пампаваных рынгтонаў. Пэўная арганізацыя прадставіла мяркуемы арыгінал тэлефоннай размовы і прапанавала стварыць уласны рынгтон.
- Выкарыстоўвайце ў сваёй акцыі калажы ці парадыйныя выявы, якія выкладваліся ў блогах і на сайтах сацыяльнай сеткі, пераапрацаваўшы іх у вулічныя трафарэты, плакаты і рэкламныя ўлёткі.
- Акрамя стварэння парадыйных веб-сайтаў як ЛуНет вы можаце зрабіць пародыі на сайты навінаў, у якіх будуць крытыкавацца цэнзураваныя СМІ і будзе прадстаўлена практычная інфармацыя і навіны цікавым і нечаканым спосабам.
РЭКАМЕНДАВАНЫ ІНСТРУМЕНТ Зміксуйце ўласны рынгтон і дадайце гумар Калі вы хочаце прыцягнуць увагу да заяваў, зробленых нейкім палітыкам ці грамадскім дзеячам, вы можаце апрацаваць яго выказванне, запісанае на падставе радыё- ці тэлеперадачы і, дадаўшы музыку, стварыць уласны рынгтон. Audacity, дармовая кампутарная праграма open-source, дапаможа вам ажыццявіць гэтую ідэю. Яна простая ў карыстанні, дазваляе ствараць новы аудыёзапіс і зводзіць у адзін існуючыя. Падрабязныя інструкцыі па працы з праграмай знойдзеце на Audacity Wiki. Вы можаце выкласці створаны вамі рынгтон на ўласны веб-сайт ці папулярны сайт па абмену рынгтонамі, каб распаўсюдзіць вынік вашай творчасці. |
ПАРАДЫ АЛАА, тэхнолаг і распрацоўшчык адкрытых кампутарных праграм, пра гумар і “віруснае” распаўсюджанне пасланняў: “У Егіпце мы жывем пры дыктатуры ўжо 25 год. Калі я атрымаю жарт пра майго прэзідэнта і адпраўлю яго 10 маім сябрам, а кожны з іх перадасць сваім сябрам, жарт, можа, і зменіцца ў дарозе, але будзе распаўсюджвацца паўсюдна і вельмі хутка як вірус”.
Праваабаронца ў Беларусі, пра абмежаванні Інтэрнету: “Флэшмобы ў Беларусі не былі аднолькава папулярнымі ўва ўсіх рэгіёнах, бо іх эфектыўнасць залежала ад актыўнасці Інтэрнет-супольнасці, а на той час Інтэрнет не меў значнага распаўсюду па-за межам сталіцы. Тым не менш, флэшмоб-акцыі мелі важнае значэнне, выяўляючы новае, творчае мысленне, згуртоўваючы мноства маладых людзей, якія, напэўна, ніколі інакш не ўдзельнічалі б у палітычных ці грамадскіх акцыях”
Самі Гарбія, GLOBAL VOICES, пра правакацыю ўладаў: “Гумар – гэты першы крок на шляху пераадолення табу і страхаў. Прымушаць людзей смяяцца з такіх небяспечных рэчаў, як дыктатура, рэпрэсіі, цэнзура – гэта першая зброя супраць страху… Не адолеўшы ўласны страх, вы не можаце дасягнуць зменаў. Менавіта таму гумар з’яўляецца такім эфектыўным сродкам”. |